КАМП’Ю́ТЭРНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць узаемадзейных камп’ютэраў, злучаных паміж сабой з дапамогай лініі сувязі (кабельных або тэлеф.) ці радыёканалаў для абмену інфармацыяй. Для забеспячэння функцыянавання К.с. выдзяляецца спец. камп’ютэр (сервер), у запамінальных прыстасаваннях якога размешчаны праграмы супольнага карыстання, базы даных і інш. Бываюць лакальныя і размеркаваныя (рэгіянальныя, глабальныя., напр. Інтэрнет).

Лакальныя аб’ядноўваюць камп’ютэры, якія знаходзяцца ў адным ці некалькіх блізка размешчаных збудаваннях і далучаюцца да ўнутр. кабельнай сеткі непасрэдна ці праз камутатары, канцэнтратары і інш. Размеркаваныя звычайна карыстаюцца паслугамі тэлекамунікацыйных ліній сувязі (напр., тэлефоннай). К.с. выкарыстоўваюцца для рашэння складаных задач навукі, тэхнікі, эканомікі, кіравання, адпрацоўкі інфармацыі і інш., якія патрабуюць размеркаваных баз даных і магутных выліч. рэсурсаў. На Беларусі (1998) найб. магутныя лакальныя К.с. створаны ў ін-тах фізікі, матэматыкі, тэхн. кібернетыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, заалогіі, эксперым. батанікі, фотабіялогіі, сацыялогіі, Цэнтр. навук. б-кі Нац. АН. Яны далучаны да рэгіянальнай сеткі БАСНЕТ (англ. BASNET, скарочанае ад Belorussian Academy of Sciences NetWork — сетка Бел. АН; аб’ядноўвае ЭВМ устаноў навукі, адукацыі, культуры і інш.) і да глабальнай сеткі Інтэрнет.

М.П.Савік.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)